Беларуская Служба

Рэжысёр Сяргей Лазніца пра свой фільм «У тумане»: Адно слова запісвалі 300 разоў

27.11.2024 17:25
Быкаў як ніхто іншы ўмее задаваць глыбокія пытанні. У цэнтры яго твораў — чалавек і чалавечнасць. 
Аўдыё
  • У Варшаве паказалі фільм "У тумане". Была і гутарка з рэжысёрам.
         Iluzjon  .
Сяргей Лазніца падчас дыскусіі пасля паказу фільма ў кінатэатры Iluzjon у Варшаве.Фота: Беларуская служба Польскага радыё/нг

У рамках беларускага кінафестывалю BULBAMOVIE у Варшаве паказалі карціну «У тумане» паводле прозы Васіля Быкава. Пасля прагляду гледачы маглі таксама паслухаць размову з рэжысёрам стужкі Сяргеям Лазніцам і задаць яму пытанні. 

Васілю Быкаву сёлета споўнілася б 100 гадоў, таму пра яго творчасць згадвалі падчас фестывалю. Падзеі, аб якіх расказвае карціна «У тумане», адбываюцца падчас Другой сусветнай вайны. Галоўны герой — шляхавы абходчык Сушчэня, якога партызаны падазраюць у здрадзе пасля дыверсіі на чыгунцы. Іншых працаўнікоў акупанты вешаюць, а яго выпускаюць, каб прывабіць у вёску партызан. Сушчэня спрабуе пераканаць партызан, якія прыходзяць яго забіць, што ён не здрадзіў. Але гісторыя заканчваецца трагічна для ўсіх.

Сяргей Лазніца расказаў пра гісторыю кінастужкі, пошук кандыдата на галоўную ролю — Сушчэні. Яе сыграў беларускі актор. Ёсць сцэна, дзе ён вымаўляе адно толькі слова, якое прыйшлося запісаць каля 300 разоў.

- Проза Васіля Быкава глыбока ўразіла мяне яшчэ ў маладосці. Сярод ягоных твораў асабліва запомнілася “У тумане” - позня аповесць, напісаная ў 1984 годзе. Калі сцэнарый быў гатовы, я патэлефанаваў Быкаву. У той час ён знаходзіўся ў Франкфурце-на-Майне, дзе жыў у выгнанні. Быкаў даў сваё дабраславенне на працу над фільмам, і я проста не мог гэтага не зрабіць.

Быкаў як ніхто іншы ўмее задаваць глыбокія пытанні. У цэнтры яго твораў — чалавек і чалавечнасць. Вайна выступае толькі фонам для разважанняў пра тое, што адбываецца з чалавечай сутнасцю. Яго погляд на гэтыя пытанні мне вельмі блізкі. Гэта не заўсёды можна перадаць словамі, часта гэта падобна на размову сляпога з глухім.

Рэжысёр павінен двойчы спытаць Бога - калі выбірае тэму для фільма і акцёра на галоўную ролю. З тэмай у мяне былая поўная згода з Богам. А вось акцёра давялося пашукаць. Грыгорый Дабрыгін параіў Уладзіміра Свірскага. Ён з Беларусі, і ягоны воблік быццам спісаны з іконы. Мы сустрэліся, але перш чым зацвердзіць яго на ролю, я «марынаваў» яго некалькі месяцаў. Свірскі рэпетаваў, жыў з намі, капаў ямы. У фінальнай сцэне Уладзімір кажа толькі адно слова — «Лёс». Здавалася б, простае слова, але яго глыбіня патрабавала асаблівага гучання. Мы зрабілі каля 300 дубляў, і рэжысёр гуку Уладзімір Галаўніцкі сабраў гэтае слова літаральна па гуках. Бо проста сказаць «лёс» — гэта, на самай справе, вельмі складана.


Сяргей Лазніца (другі злева) пасля паказу ў Варшаве. Сяргей Лазніца (другі злева) пасля паказу ў Варшаве.

Быкаў у сваіх творах ставіць экзістэнцыяльныя пытанні — жыцця і смерці, маральнага выбару ў сітуацыі, калі выбару практычна няма. Гэта цяжка ўспрымаецца гледачамі, адзін з удзельнікаў паказу нават сказаў, што ён прыдумаў свой назоў кінастужак паводле творчасці пісьменніка.

Пётр Дудановіч: Я глядзеў гэты фільм і адчуваў, быццам бы разам з аўтарам хажу па лесе. А з рэжысёрам атрымалася цікавая размова. Я агулам фанат Быкава, хаця пасля прачытання нейкай яго кніжкі нават вырашыў, што для яго характэрны “Быкаў end” – гэта значыць, не спадзявайся шчаслівага заканчэння. Гэта цяжка. Я сам у сабе забіў песіміста, мне гэта незразумела. Але ў яго была такая ідэя.

Творчасць Васіля Быкава, а таксама яго дзейнасць і погляды з’яўляюцца праблемай для беларускага рэжыму, паколькі вялікі пісьменнік, нават пасля смерці, яднае нацыянальна свядомую частку беларусаў.

Тарас Тарналіцкі: Цікава было паразмаўляць з аўтарам, Сяргеем Лазніцай. Гэта таксама беларускі фільм, ён паўставаў у цэнзурных варунках. Быкаў пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі стаў складаным аўтарам, паколькі ён падтрымаў нацыянальны рух. Яго арыентацыя на нацыянальныя каштоўнасці стала праблемай для рэжыму. І нават пасля таго, як ён памёр, ён стварае праблемы, паколькі яднае нацыянальна арыентаваную частку беларускай інтэлігенцыі. І з-за гэтага аўтара ў Беларусі ігнаруюць, нават сёлета, калі яму спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння.

Васіль Быкаў канцэнтраваў сваю творчасць на ваенным перыядзе. Але рэжысёр фільму Сяргей Лазніца адзначыў, што тая вайна была часткай большага працэсу, які працягваецца да нашых часоў, і якога элементам з’яўляецца чарговая вайна — нападзенне Расіі на Украіну.

- Калі казаць пра тое, што зараз адбываецца, дык гэта працяг распаду імперыі, які пачаўся ў пачатку 20 стагоддзя. Ужо 100 з нечым гадоў яна працягвае крывава распадацца. Гэта працяг грамадзянскай вайны. Калі вы ведаеце, мільён дзвесце тысяч былых выхадцаў з імперыі Савецкага Саюза ваявалі на баку Трэцяга Рэйха. Неверагодная колькасць. Былі розныя дывізіі - літоўская, украінская, латышская, чачэнская, азербайджанская, грузінская і гэтак далей.

І вайна ў дадзеным выпадку - гэта вайна двух розных канцэпцый і розных светапоглядаў. І гэта вайна не па пашпарце. Гэта вайна свядомасці. Барацьба з таталітарным грамадствам, якое абсалютна выключае іншага тыпу існаванне. Гэта тое, што адбываецца зараз. Лінія фронту, на жаль, ідзе па Украіне. Калі гэтага сур'ёзна не возьмуць на Захадзе, яна можа перасунуцца далей.

Фільм «У тумане» паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава быў зняты ў 2012 годзе, у вытворчасці ўдзельнічала і Беларусь. 

нг

Арганізатар фестывалю BULBAMOVIE: беларускія фільмы як італьянскія spaghetti western (ВІДЭА)

22.11.2024 16:33
Ёсць беларускае маладое кіно, але яно не з Беларусі, шмат фільмаў даслалі беларусы, якія жывуць у Польшчы, Літве і ў іншых краінах Еўропы.